ЗРУ́БНАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (2-я пал. 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.), пашыраная ў стэпах і лесастэпах Усх. Еўропы. Выдзелена В.А.Гарадцовым у 1901, назва ад пахавальнага абраду. Нябожчыкаў хавалі ў зрубах-ямах, абкладзеных дрэвам, скурчанымі на баку, побач клалі посуд, зброю, прылады працы. Плямёны З.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў паўзямлянках, каменных або зрубных жытлах, выраблялі пласкадонны ляпны посуд з геам. арнаментам, бронзавыя прылады працы, зброю, упрыгожанні. Аб’яднанні плямён З.к. адыгралі значную ролю ў фарміраванні кімерыйцаў, а пазней — скіфаў.
т. 7, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)